Аляксей Міхайлавіч
Аляксей Міхайлавіч | |
Божаю ласкаю Вялікі Гасудар Цар і Вялікі князь, усяе Вялікія і Малыя і Белыя Расіі самадзержац, і многіх дзяржаў і зямель Усходніх і Заходніх і Паўночных бацька і дзедзіч і спадчыннік і васпан і ўладальнік | |
---|---|
1645 — 1676 | |
Папярэднік | Міхаіл Фёдаравіч |
Наступнік | Фёдар III |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | 9 сакавіка 1629, Масква, Маскоўскае царства |
Памёр | 29 студзеня (8 лютага) 1676, Масква |
Пахаваны | Архангельскі сабор |
Дынастыя | Раманавы |
Жонкі |
1) Марыя Ільінішна Міласлаўская 2) Натальля Кірылаўна Нарышкіна |
Бацька | Міхаіл Фёдаравіч |
Маці | Еўдакія Лук'янаўна Стрэшнева |
Подпіс |
Аляксе́й Міха́йлавіч (па прозьвішча Цішэйшы; (па-расейску: Алєѯєй Михайловичъ[a]) 9 сакавіка [ст. ст. 19] 1629, Масква, Маскоўскае царства — 29 студзеня [ст. ст. 8 лютага] 1676, Масква) — другі маскоўскі цар (1645—1676) з дынастыі Раманавых, родапачынальнік якой Гланда-Камбіла Дзіванавіч у ХІІІ ст. прыбыў у Маскоўшчыну «зь Літвы». Сын Міхаіла Фёдаравіча (1613—1645) ды ягонай другой жонкі Еўдакіі Лук’янаўны, у дзявоцтве Стрэшневай (1608—1645).
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выхоўваўся баярынам Б. І. Марозавым, які фактычна правіў у Маскоўшчыне. На 14-м годзе царэвіча ўрачыста «абвясьцілі» народу, а ў 16 гадоў (1645) ён узышоў на маскоўскі прастол, але рэальна на палітыку пачаў уплываць з пачатку 1650-х гг.
Пасьлядоўна ўмацоўваў самаўладзьдзе, пасьля 1653 г. перастаў склікаць Земскія саборы, у 1654 г. стварыў мноства новых прыказаў у тым ліку Маларасейскі (1648), Літоўскі (1656—1667) ды ўласную канцылярыю («Прыказ тайных справаў»), спыніў спробы царквы ўмешвацца ў справы дзяржавы. Пры ім была рэарганізаваная і даведзеная да надзвычай вялізнай колькасьці армія. Амаль усё цараваньне Аляксея Міхайлавіча Маскоўская дзяржава вяла войны, далучала новыя тэрыторыі, актыўна калянізавала Сыбір. Пры ім Саборнае ўлажэньне 1649 г. юрыдычна аформіла прыгонны лад.
Пад час вайны 1654—1667 гадоў з Рэччу Паспалітай, якая пачалася пасьля земскага сабору 1653 г., цар звычайна знаходзіўся пры войску, таму наведаў шмат якія захопленыя гарады: Смаленск, Вільню, Горадню, Капыль, Барысаў, Магілёў, Полацак, Віцебск ды іншыя. У Віцебску сустракаўся зь Сяміёнам Полацкім. Ён першы з маскоўскіх цароў прыняў у 1654 г. тытул «Божиею милостью Великий Государь Царь и Великий князь, всея Великия и Малыя и Белыя России самодержец, и многих государств и земель Восточных и Западных и Северных отчич и дедич и наследник и государь и обладатель», а Беларусь разглядаў як сваю новую вотчыну. У 1654—1655 гг. цар сам узначальваў маскоўскае войска пад час наступу на Вільню.
Летам 1656 г. цар спыняўся ў Койданаве. Койданаўцы падалі яму «чалабітную», у якой прасілі вызваліць іх ад абавязкаў будаваць менскі астрог, паменшыць падатак збожжам, бо «ўсе абрабаваны, абабраны да апошняга чаркасамі (украінскімі казакамі). Паміраем галоднай сьмерцю, коней і валоў няма, лесу вазіць няма чым».
Ён праводзіў прымусовую палітыку перасяленьня насельнікаў ВКЛ у Маскоўскую дзяржаву і зьбіраўся перасяліць каля 300 тыс. чалавек, дзеля папаўненьня страт насельніцтва пасьля эпідэміі чумы 1654 г. Вайна закончылася падпісаньнем Андрусаўскага перамір’я 1667 г. далучэньнем да Масквы Смаленшчыны, Северскай зямлі ды Левабярэжнай Украіны. У 1672 г. для выхадцаў з ВКЛ царскім загадам была заснаваная асобная Мяшчанская слабада. Аўтар няскончаных мэмуараў пра вайну 1654—1667 гг.
У 1656—1658 гг. вёў беспасьпяховую вайну са Швэцыяй за выхад да Балтыйскага мора, у 1660—1670 гг вёў ваенныя дзеяньні супраць Крымскага ханства і гетмана Правабярэжнай Украіны П. Дарашэнкі.
Цару давялося душыць шматлікія паўстаньні ў сваёй дзяржаве — у 1648 і 1662 гг. у Маскве, у 1650 г. — у Пскове і Ноўгарадзе, у 1668—1676 — Салавецкае паўстаньне, у 1670—1671 гг. — сялянскую вайну пад кіраўніцтвам Сьцяпана Разіна ды іншыя канфлікты. Пэрыяд ягонага праўленьня, з-за шматлікіх паўстаньняў паддадзеных, называлі «бунташным часам».
Пахаваны ў Архангельскім саборы ў Маскве.
Сярод ягоных 16 дзяцей, ад шлюбу з М. І. Міласлаўскай — цары Фёдар, Іван V ды царэўна Соф’я, ад шлюбу з Н. К. Нарышкинай — цар (імпэратар) Пётар I.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Алексей Михайлович (рас.) // Энциклопедический словарь / под ред. И. Е. Андреевский — СПб: Брокгауз — Ефрон, 1890. — Т. I. — С. 417—420.
- ^ а б в г Н. У. Алексей Михайлович (рас.) // Энциклопедический лексикон — СПб: 1835. — Т. 1. — С. 491—495.
- ^ а б в г К. Б.—Р. Алексей Михайлович (рас.) // Русский биографический словарь — СПб: 1900. — Т. 2. — С. 23—35.
- ^ а б в г Каталёг Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі (ням.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Аляксей Міхайлавіч. // Беларуская савецкая энцыклапедыя. Т. І. Мінск. 1969. С. 286.
- Гладкі А. І. Аляксей Міхайлавіч. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 1. Мінск. 1993. С. 112.
- Аляксей Міхайлавіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 1. Мінск. 1996. С. 298—299.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Дзяржынскага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2004. — 704 с.: іл. ISBN 985-6302-64-1.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Правапіс, які існаваў да 1917 году.